f В t
Мерапрыемсты сёння, 19 лістапада
Галоўная Гісторыя свята Арганізатары Кантакты 2016 2015 2014
“Праз сасіскі ў цесце – да зор!”
19:00-21:00
пр-кт Незалежнасці,84А

12 лістапада (серада) а 19.00 Аналітычная лабараторыя Цэнтра развіцця студэнцкіх ініцыятыў запрашае ўсіх жадаючых прыняць удзел у круглым стале “Праз сасіскі ў цесце – да зор!”, які прысвечаны пытанням развіцця студэнцкай актыўнасці ў Беларусі і пройдзе ў анты-кавярні “Дом Фішара” (пр. Незалежнасці, 84а, ст. м. Парк Чалюскінцаў).

Студэнцкія часы – гэта перыяд не толькі навучання, адпачынку ды забаў, але ж і фарміравання грамадскага духа, звычкі адстойваць свае інтарэсы ды змагацца за свае правы. Прычым да ўсяго гэтага моладзь падыходзіць непадрыхтаванай, без належнага жыццёвага досведа, і, адпаведна, часцяком займаецца грамадскай актыўнасцю даволі непрафесійна ды, як вынік, непаспяхова.
Ва ўмовах, калі сталых традыцый студэнцкага самакіравання ды акадэмічных свабод у Беларусі няма, актыўныя студэнты амаль кожны раз пачынаюць “вынаходзіць кола” ды самі праходзяць увесь шлях разумення праблем – ад відавочных, палягаючых на паверхні, такіх як няякасныя сасіскі ў цесце, і паступова падыходзячы да глубінных хібаў беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі.
Як гэты шлях – праз сасіскі ў цесце да зор – праходзяць неабыякавыя беларускія студэнты? Чым ім могуць дапамагчы дасведчаныя прафесіяналы? Што ўсё гэта дае простым студэнтам?

Удзел у дыскусіі возьмуць усе жадаючыя госці круглага стала, то бок Вы (так-так, менавіта Вы!) і спецыяльна запрошаныя ўдзельнікі: эксперты Лізавета Яфімава (Цэнтр развіцця студэнцкіх ініцыятыў) і Марыя Лукашук (Студэнцкая Рада), а таксама студэнцкія актывісты, якія маюць паспяховы досвед прасоўвання і рэалізацыя грамадскіх кампаній самага рознага ўзроўню – ад вырашэння мясцовых праблем да вялікіх кампаній са зборам тысячы подпісаў.

Мадэратар круглага стала – Вадзім Мажэйка (кіраўнік Аналітычнай лабараторыі ЦРСІ).

Мерапрыемства пройдзе пры падтрымцы Асамблеі НДА.

Пачастунак ад арганізатараў – кава / гарбата / печыва і, безумноўна, традыцыйная студэнцкая ежа – тыя самыя сасіскі ў цесце! 🙂

Па ўсіх пытаннях, што тычацца круглага стала, можна звяртацца на адрас analytical.laboratory.cdsi@gmail.com, а таксама па тэлефоне + 375-29-504-38-64 (Вадзім Мажэйка, кіраўнік Аналітычнай лабараторыі ЦРСІ).

***
Аналітычная лабараторыя ЦРСІ – гэта незалежны даследчы цэнтр («think tank»), арыентаваны на вывучэнне праблематыкі вышэйшай адукацыі і студэнцкага самакіравання Беларусі. Дзейнасць Аналітычнай лабараторыі палягае ў арганізацыі і правядзенні публічных мерапрыемстваў – круглых сталоў, панэльных дыскусій, дэбатаў, – прысвечаных актуальным пытанням студэнцкага руху і акадэмічнай супольнасці.